РУС БЕЛ ENG

25 МАЯ - 85 ГАДОЎ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ УЛАДЗІМІРА КАРЫЗНЫ

23.05.2023
Карызна Уладзімір Іванавіч — паэт, адзін з аўтараў тэксту Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, Заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (2002).

Нарадзіўся 25 мая 1938 года ў вёсцы Закружка Мінскага раёна ў сялянскай сям’і. На яго дзяцінства выпала вайна і патрызанскі лес, а пасля папялішча роднай хаты.

У школьным узросце палюбіў паэзію Я. Купалы, Я. Коласа і іншых беларускіх паэтаў, а ў чацвёртым класе напісаў і першы ўласны верш. Любоў да літаратуры прывяла на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У студэнцкія гады актыўна наведваў заняткі для самадзейных кампазітараў пры Саюзе кампазітараў Беларусі.

Пасля заканчэння ўніверсітэта па размеркаванню працаваў выкладчыкам беларускай і рускай мовы і літаратуры ў Опсаўскай сярэдняй школе на Браслаўшчыне (1961-1967). У гэты час узначальваў літаратурнае аб’яднанне пры раённай газеце «Браслаўская звязда».

У Мінск вярнуўся толькі ў 1967 годзе. Працуе загадчыкам аддзела беларускай музыкі Рэспубліканскага радыё, з 1980 года — рэдактарам аддзела навукі і мастацтва ў часопісе «Полымя». У 1981 годзе перайшоў у выдавецтва «Юнацтва», з 2002 года — намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Крыніца».

Творчая дзейнасць

Першы верш надрукаваў у газеце «Чырвоная змена» ў 1956 годзе. Выдаў кнігі паэзіі «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (1972), «Цеплыня» (паэма, вершы, песні, 1977), «Шумяць вербы» (вершы, песні, 1982), «Музыка ў свеце» (1985), «Хвіліна святла» (2003), «Доля Русь наша Белая» (2007), «Зарніцы дзяцінства» (2014) і інш. Тэмы яго твораў — памяць мінулай вайны, шчырая любоў да маці-Радзімы, жыццё і праца, шчасце, радасць і паўсядзённы клопат сучасніка.

Вынікам паездкі паэта ў В’етнам і ЗША з’явілася вострапубліцыстычная кніга паэзіі «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986).
Працуе Карызна і ў іншых жанрах. Напісаў нямала казак, небыліц, лічылак, загадак. У казках закранаецца спрадвечная тэма дабра і зла. Перамагае, як правіла, нават не той, хто дужэйшы, а больш сумленны.

Аўтар кніжак вершаў для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Малююць дзеці» (з А. Вольскім, 1984), «Зямля — два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка для ўсіх» (1990), «Насціна кніжка» (1995) і інш.

У. Карызна і музыка

Спачатку Уладзімір Карызна набыў вядомасць як паэт-песеннік. У 1960 годзе прагучала ўпершыню яго песня «Беларусь мая сінявокая», якую выконваў Дзяржаўны хор пад кіраўніцтвам Г. Цітова. Ён аўтар музыкі і слоў больш пяцідзесяці песень.

Выдадзены зборнікі песень з нотамі на словы паэта: «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990), «Гэта наша Радзіма» (1998).

Шматлікія вершы паэта пакладзены на музыку лепшымі беларускімі кампазітарамі: Ю. Семянякам, Э. Зарыцкім, Я. Глебавым, Дз. Смольскім, І. Лучанком, Э. Ханком, Л. Захлеўным, У. Карызнам-малодшым. Песні «Паверце, дзеванькі», «Зорачка мая», «Салавей спявае», «Дні прыгожыя» і многія іншыя даўно любімыя ў народзе, можна сказаць, сталі класікай. Ніхто з беларускіх паэтаў-песеннікаў апошніх гадоў не можа пахваліцца такой папулярнасцю, як Карызна.