РУС БЕЛ ENG

115 ГАДОЎ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ АЛЕСЯ ЗВОНАКА

14.02.2022
Алесь Звонак (1907-1996) – паэт, перакладчык, крытык. Сапраўднае імя Пётр Барысавіч Звонак.

Нарадзіўся 14 лютага ў г. Мінску. Выхоўваўся ў дзіцячым доме. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі (1925) накіраваны адказным сакратаром газеты «Чырвоная Полаччына». З 1927 года працаваў на Беларускім радыё, затым – у часопісе «Маладняк». Шмат вучыўся. Спачатку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, пасля ў Маскоўскім універсітэце, у аспірантуры Акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. Калі ўтварыўся Саюз пісьменнікаў СССР, А. Звонак адным з першых у рэспубліцы атрамаў членскі білет за подпісам самога Максіма Горкага.

Алесю Звонаку давялося прайсці вельмі складаны жыццёвы шлях. У лістападзе 1936 года быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. За гэты час ён нямала перажыў, авалодаў новымі прафесіямі. Працаваў на геалагічных аб’ектах Поўначы. У канцы 1954 года Вярхоўным судом рэабілітаваны, вярнуўся ў Мінск.

Пачаў друкавацца з 1925 года. Першы зборнік вершаў «Пунсовае ранне» (1926) выдаў разам з Я. Бобрыкам і Я. Туміловічам. Раннія творы паэта «Буры ў граніце» (1929), «На лінію агню» (1932), «Мая Радзіма» (1935) вызначаюцца аптымістычным жыццесцвярджальным пафасам і рамантычнай узнёсласцю. У пазнейшых зборніках «Табе адной» (1957), «Запаветнае» (1961), «Россып» (1967), «Прадчуванне» (1974) паэтызуюцца працоўныя будні Радзімы, а таксама ўслаўляецца хараство прыроды.

За пасляваенны час стварыў шмат санетаў, якія сабраў у адной кніжцы пад назвай «Санеты» (1982). Гэта – філасофскія разважанні аб жыцці і дзейнасці чалавека, аб яго пачуццях і жаданнях, аб простых жыццёвых назіраннях.
Выступаў у галіне крытыкі, драматургіі тэатра і кіно. Аўтар паэм «Каршун» (1930) і «Загай» (1931), п’есы «Навальніца будзе» па матывах трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» (1960; пастаўлена ў 1959), сцэнарыяў навукова-папулярных фільмаў «Якуб Колас» (1962), «Вобразы і думы» (1965). Выдаў кнігу артыкулаў і ўспамінаў «Неспакойныя сэрцы» пра беларускіх пісьменніках.

Творы Алеся Звонака атрымалі высокую ацэнку. У 1992 годзе яго кніга вершаў «Святлацені» ўдастоена Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.