РУС БЕЛ ENG

Максiм Багдановiч

07.12.2021
Максім Багдановіч — адна з самых цікавых і загадкавых асоб у гісторыі беларускай літаратуры. Ён быў з тых першаадкрывальнікаў, хто фарміраваў напрамкі развіцця літаратурнага працэсу пачатку ХХ стагоддзя і моцна паўплываў на далейшае развіццё прыгожага пісьменства Беларусі, хоць з дваццаці пяці гадоў свайго жыцця ён толькі пяць пражыў на Радзіме.

Нарадзіўся Максім 9 снежня 1891 года ў Мінску. У гэты час бацька будучага паэта працаваў загадчыкам і настаўнікам Мінскага гарадскога пачатковага вучылішча. У кватэры пры вучылішчы і нарадзіўся Максім (цяпер гэта вуліца Багдановіча, 25). Пазней сям’я пераехала ў Гродна ў вялікі драўляны дом. Сёння там размяшчаецца Музей Максіма Багдановіча, які ўваходзіць у комплекс Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.
Калі хлопчыку было пяць гадоў, памерла яго маці — Марыя Апанасаўна. Бацька Адам Ягоравіч вельмі балюча перажываў гэту трагедыю. Для догляду за дзецьмі ён запрасіў з Адэсы сваю малодшую сястру Марылю і пераехаў з сям’ёй у Ніжні Ноўгарад, а потым — у Яраслаўль.

Максім вучыўся ў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі, а таксама ў Яраслаўлі — у гімназіі, Дзямідаўскім юрыдычным ліцэі. Яшчэ падчас вучобы ў Ніжнім Ноўгарадзе захапіўся вершаскладаннем і вывучэннем беларускай культуры. У 1906 годзе хросная маці Вольга Сёмава выпісала яму беларускія газеты: спачатку — «Нашу долю», а пазней — «Нашу ніву». А ўжо ў 1907 годзе ў «Нашай ніве» з’явілася алегарычнае апавяданне Максіма Багдановіча «Музыка», пазней — вершы «Над возерам», «Вадзянік», «Лясун», «Возера». Друкаваліся яго творы і ў газеце «Голас», а таксама ў іншых выданнях.

Пасля заканчэння ліцэя ў 1916 годзе Максім перабраўся ў Мінск. У гэты час ён быў ужо цяжка хворы на сухоты, але ўладкаваўся працаваць сакратаром губернскай харчовай камісіі. У вольны час выязджаў у прытулкі для дзяцей бежанцаў, працаваў у бібліятэцы, наведваў вечарыны «Беларускай хаткі». У лютым 1917 года на грошы сяброў паехаў лячыцца ў Ялту, але гэта не дапамагло.
Ноччу 25 мая 1917 года ў поўнай адзіноце Максім Багдановіч памёр. На пахаванні не прысутнічаў ніхто з родзічаў, бо Максім не жадаў нікога турбаваць сваімі праблемамі і не пакінуў адраса, дзе жыў у Ялце. У 1924 годзе беларускія паэты Уладзімір Дубоўка, Анатоль Вольны (Ажгірэй), Андрэй Александровіч адшукалі магілу паэта, пазней на ёй быў устаноўлены помнік.