РУС БЕЛ ENG

5 верасня 2021 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Віталя Вольскага (Віталя Фрыдрыхавіча Вольскага-Зэйдэля; 1901–1988), пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры БССР

02.09.2021
Віталь Фрыдрыхавіч Вольскі-Зэйдэль нарадзіўся 5 верасня 1901 г. у г. Пецярбургу ў сям’і служачага. Атрымаў добрую адукацыю ў гімназіі, ведаў 5-6 моў, захапіўся ідэямі сацыялізму, уключыўся у рэвалюцыйны рух. З 1918 г. працаваў на заводзе, у гарадской гаспадарцы. З 1919 г. у Чырвонай арміі, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне на Заходнім фронце, дайшоў да Варшавы. Служыў у пагранічных войсках і органах УНК у Мінску. Хацеў заняцца літаратурнай творчасцю, таму звольніўся са службы.

Беларускае друкаванае слова Віталю Вольскаму трапіла ў рукі ў 1920 г., а першым вершам па-беларуску быў верш Якуба Коласа «Нёман», першай кнігай — зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок» (1917). Вельмі захапіўся беларускай мовай, пачаў збіраць фальклор. Скончыў Камуністычны ўніверсітэт імя У. І. Леніна (1927). Шмат працаваў, часта выступаў у рабочых клубах, на розных дыспутах, на абмеркаваннях мастацкіх выставак і тэатральных спектакляў.


Працаваў на розных пасадах ва ўстановах культуры і адукацыі Беларусі.
У 1932–1936 гг. — дырэктар Інстытута літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР. Кандыдат філалагічных навук (1934). Удзельнічаў у першым з’ездзе савецкіх пісьменнікаў (Масква, 1934), з таго часу член Саюза пісьменнікаў СССР. Звольнены з пасады дырэктара і выключаны з партыі за «недастатковую барацьбу з ворагамі народа». У час Вялікай Айчыннай вайны жыў у Маскве, працаваў у газетах, часопісе «Беларусь». У 1948–1954 гг. — навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры АН БССР.
Літаратурную дзейнасць Віталь Вольскі пачаў у 1926 г. Даследаваў народную творчасць і старажытную рукапісную літаратуру беларускіх татараў — кітабы. Аўтар кніг: «Праблемы беларускай савецкай драматургіі» (1934), «Эдуард Самуйлёнак: жыццё і творчасць» (1951), «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры эпохі феадалізму» (1958). Адзін з аўтараў дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), падручніка для 9–10-га класаў «Беларуская савецкая літаратура» (1948–1954).
Аўтар п’ес для дзяцей: «Цудоўная дудка» (1938), «Дзед і жораў» (1939), «Несцерка» (1940), «Машэка» (1946). Напісаў сцэнарыі дакументальна-краязнаўчых фільмаў «Белавежская пушча» (1946), «Бярэзінскі запаведнік» (1965). У розныя гады п’есы В. Вольскага паспяхова ставіліся на сцэне нават за мяжой — у Балгарыі, Германіі, Польшчы, Манголіі, Кітаі. Брэсцкі тэатр лялек двойчы ставіў спектакль паводле п’есы «Дзед і жораў» (1968, рэжысёр А. Сярогін, мастак Л. Доўбуш; 1994, рэжысёр Д. Нуянзін, мастак М. Данько).


Пісьменнік аб’ездзіў усе запаведныя куткі Беларусі, пабываў у афрыканскіх і арабскіх краінах, у Францыі, Швецыі і інш. У 1961 г. пабываў у Заходняй Афрыцы — Сенегал, Гвінея, Бераг Слановай Косці. Напісаў кнігі мастацка-краязнаўчых нарысаў і апавяданняў «Па лясных сцежках» (1948), «У лясах над Бярозай» (1955), «Чайкі над Нараччу» (1959), «Падарожжа па краіне беларусаў» (1968), «Кніга падарожжаў» (1971), «Дзень добры, Бяроза!» (1984) і інш. Аўтар характарызуецца як дапытлівы краязнавец, падарожнік, дасведчанасць і зацікаўленасць якога раскрываюцца ва ўзаемаадносінах з прыродай. За любоў да прыроды Віталя Вольскага называлі «беларускім Прышвіным».
У 1966–1970 гг. здзейсніў падарожжы па Беларускім Палессе. Яго маршрут пачаўся ад Пінска і яго наваколіц, пралёг цераз Лунінец, Кажан-Гарадок, Лахву, Столін, Давыд-Гарадок на ўсход да Мазыра. Віталь Фрыдрыхавіч раздумваў над вялікімі пераўтварэннямі на Палессі, якія прынесла Савецкая ўлада — новыя фабрыкі і заводы, асушэнне балот, змяненні ў побыце палешукоў. Літаратара прываблівалі легенды, паданні, гістарычныя падзеі, пытанні этнаграфіі, тапаніміка. Але найбольш яго займала прырода, рэкі Піна, Прыпяць, Гарынь, сустрэчы з птушкамі і жывёламі.
У кастрычніку 1970 г. у часопісе «Маладосць» з’явіліся «Падарожныя замалёўкі». Гэта былі мастацкія запісы пра Лунінец, Лунін, Кажан-Гарадок, Столін, Давыд-Гарадок, Мазыр і іншыя вёскі і гарады Палесся. У 1971 г. выдаў кнігу краязнаўчых нарысаў «Палессе», у якую былі сабраны ўражанні ад паездак па Беларускім Палессі. Кніга выклікала вялікую цікавасць у краязнаўцаў. Другое выданне кнігі «Палессе» выйшла ў 1974 г.
Віталь Фрыдрыхавіч быў чалавекам роўным, добразычлівым. Сябраваў з Янкам Маўрам, Петрусём Броўкам, Пятром Глебкам, Кузьмой Чорным, Кандратам Крапівой. Пражыўшы доўгае жыццё, не страціў прагі да пазнання свету, захаваў бадзёрасць, аптымізм, жаданне творча працаваць.
В. Ф. Вольскі-Зэйдэль узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», медалямі. Заслужаны дзеяч культуры БССР (1971). Памёр 22 жніўня 1988 г.