РУС БЕЛ ENG

85 ГАДОЎ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ МІХАСЯ СТРАЛЬЦОВА

14.02.2022
Міхась Стральцоў з’яўляецца прадаўжальнікам інтэлектуальнай плыні ў беларускай літаратуры. Яго імя можна паставіць побач з імёнамі М. Багдановіча, В. Ластоўскага, М. Гарэцкага, К. Чорнага.

Міхаіл Лявонавіч Стральцоў нарадзіўся 14 лютага 1937 года ў вёсцы Сычын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўніка. Бацька будучага пісьменніка Лявон Клімавіч Стральцоў быў дырэктарам школы, а маці Марыя Міхайлаўна — хатняй гаспадыняй. У 1954 годзе будучы пісьменнік скончыў Нова-Ельненскую сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ ў Мінску. Менавіта тут стаў блізкім сябрам Р. Барадуліна. Аднакурснікі згадвалі, што М. Стральцоў быў самым дасведчаным і начытаным. Добра ведаў рускую класічную, замежную і савецкую літаратуру. Пасля заканчэння вучобы працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», часопісах «Полымя», «Маладосць», загадчыкам аддзела ў часопісе «Нёман».

Пісаць вершы М. Стральцоў пачаў яшчэ ў школьныя гады, першыя з іх былі надрукаваны ў 1952 годзе ў газеце «За Радзіму». Пра сваё дзяцінства і дзяцінства аднагодкаў пісьменнік згадваў у апавяданнях, вершах, крытычных артыкулах, напісаных у форме эсэ (вольных разважанняў), адно з іх — «Дзяцінства, якое мы помнім» (1984). Гэта твор пра пакаленне, што рана пасталела, перажыло і смерць блізкіх і родных, і пасляваенны голад, навучылася, пераадольваючы цяжкасці, цаніць жыццё, захоўваць памяць пра мінулае. Менавіта дзіцячыя гады вызначылі агульны гуманістычны змест творчасці М. Стральцова і пісьменнікаў яго пакалення: «Ужо дарослымі мы па-сапраўднаму адчулі сябе дзецьмі вайны. І тады напісалася апавяданне “На чацвёртым годзе вайны”, аповесць “Адзін лапаць, адзін чунь”. Там — уражанні ваеннага дзяцінства, першапачатковы, можа, самы галоўны жыццёвы вопыт. Эмацыянальны вопыт майго пакалення і пакалення, якое не ведала вайны, паяднаўся. Паяднаўся на разуменні той цаны, якую заплацілі мы за мір, засталася Памяць — у майго пакалення біяграфічная, у новага — гістарычная. Памяць з вялікай літары».

Журналісцкая праца прадвызначыла шырыню мастацкіх інтарэсаў пісьменніка. Дэбют Стральцова-празаіка адбыўся ў 1957 годзе, калі на старонках часопіса «Маладосць» было надрукавана апавяданне «Дома». Праз пяць гадоў убачыў свет першы зборнік яго апавяданняў — «Блакітны вецер» (1962). У іх вызначыліся такія рысы творчасці М. Стральцова, як лірызм, павышаная пачуццёвасць герояў і аўтара, асацыятыўная вобразнасць, маналагічная спавядальнасць.
У 1962 годзе пасля выхаду ў свет першага зборніка прозы М. Стральцоў быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР, што было само па сабе выключэннем з правіл, бо працэдура прыёму была доўгая і марудная.

У апавяданнях «Трыпціх», «Дома», «Перад дарогай», «На вакзале чакае аўтобус» і асабліва вылучаным крытыкамі «Смаленне вепрука» раскрываецца галоўная тэма творчасці М. Стральцова — тэма духоў¬най сувязі паміж горадам і вёскай, сувязі вяcковых каранёў і гарадскога прагрэсу, празрыстасці расы на лісці дрэў і блакітнага агеньчыка тэлеэкрана, грукату падвод і трамваяў на асфальтаванай вуліцы, што вядзе на Конскі базар. Пісьменнік прымаў жыццё з яго вытокамі і працягам, з вясковымі хатамі і гарадскімі каменнымі дамамі.

У 1966 годзе выйшаў другі зборнік апавяданняў з сімвалічнай назвай «Сена на асфальце». Затым былі выдадзены аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970), выбраныя творы «На ўспамін аб радасці» (1974), кніга прозы «Падарожжа за горад» (1986) і зборнік «Выбранае» (1987). У новых кнігах М. Стральцова таксама гучыць голас аўтара — сына вёскі, які імкнецца да сваіх вытокаў, каранёў, прыгажосці нерушнага, спрадвечнага, гарманічнага, асвечанага векавымі традыцыямі народнага жыцця.

Міхась Стральцоў з’яўляецца аўтарам чатырох зборнікаў паэзіі: «Ядлоўцавы куст» (1973), «Цень ад вясла» (1979), «Яшчэ і заўтра» (1983), «Мой свеце ясны» (1986). Вершы, прадстаўленыя ў кнігах, напісаны пра мінулую вайну і нялёгкае пасляваеннае жыццё, цяжкае дзяцінства, бацькоўскі парог, родную прыроду, вясковы і гарадскі ўклад жыцця. Многа твораў прысвечана вечным тэмам: каханню, спалучэнню прыватнага і агульнага, паэзіі, ролі мастака ў жыцці і творчасці. У жанравых адносінах гэта пераважна элегіі, прасякнутыя настроем смутку, тугі, оды пра радасць быцця і прыгажосць прыроды, разважанні пра лёс чалавека, мінулае, сучаснае і будучыню, пасланні, звароты да сяброў, пейзажныя замалёўкі.

Акрамя таго, што М. Стральцоў пісаў празаічныя і паэтычныя творы, ён быў і арыгінальным даследчыкам літаратуры і крытыкам, напісаў літаратурна-крытычныя нарысы і эсэ, прысвечаныя твор¬часці класікаў нашай літаратуры і маладым пісьменнікам і паэтам: «Жыццё ў слове» (1965), «Загадка Багдановіча» (1968), «У полі зроку» (1976) і «Пячатка майстра» (1986).

Міхась Стральцоў быў таксама і таленавітым перакладчыкам. Ён перакладаў на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, італьянскіх, лацінаамерыканскіх пісьменнікаў, раман Ч. Айтматава «Буранны паўстанак» (1987). А кнігі і асобныя творы М. Стральцова таксама перакладаліся на французскую, нямецкую, грузінскую, усходнеславянскія і іншыя мовы, што сведчыць пра прызнанне таленту пісьменніка не толькі ў блізкім, але і ў далёкім замежжы.
Не стала М. Стральцова 23 жніўня 1987 года. У наступным годзе ён быў пасмяротна ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы.